Новыя спецыяльнасці 2020 года ў вышэйшых навучальных установах Беларусі
Вышэйшыя навучальныя установы Беларусі ў 2020 годзе абвясцілі набор на новыя спецыяльнасці, у асноўным, звязаныя з тэхналогіямі, праграмаваннем і эканомікай.
Так, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт у новым начучальным годзе запрашае абітурыентаў на дзве новыя спецыяльнасці: «Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій» (інжынерны факультэт) і «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» (факультэт эканомікі і права).
Будучых інжынераў прымуць на дзённую форму. Эканамічная праграма мае спецыялізацыю «Машынабудаванне» на дзённай форме і на завочнай скарочанай.
На факультэце хімічнай тэхналогіі і тэхнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта будзе весціся набор на спецыяльнасць «Прамысловая водападрыхтоўка і водаачыстка». Пасля заканчэння ўстановы адукацыі выпускнікі займуцца распрацоўкай і засваеннем сучасных тэхналогій водападрыхтоўкі і ачысткі сцёкавых вод, пытаннямі выбару спосабу і абгрунтавання тэхналагічных параметраў апрацоўкі вады.
На факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну БДТУ адкрыецца спецыяльнасць «Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу».
Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на факультэце эканомікі і бізнес-кіравання толькі для дзённай формы навучання прапануе запатрабаваную спецыяльнасць «Эканоміка электроннага бізнесу». Студэнты будуць вывучаць як эканамічныя, так і тэхнічныя дысцыпліны.
З 2020 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава з’явяцца спецыяльнасці: «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)», «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)». Усяго ж ВДУ прапануе 28 розных спецыяльнасцей.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны адкрывае набор на тры новыя спецыяльнасці: «Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)».
На дзённай форме навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы абітурыентам прапануецца чатыры новыя спецыяльнасці: «Штучны інтэлект», «Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы ў машынабудаванні», «Дызайн віртуальнага асяроддзя», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць».
На факультэце матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова з’явіліся дзве спецыяльнасці: «Медыка-біялагічная справа» і «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Форма навучання – поўная дзённая. Акрамя дзённай формы, плануецца набор і на завочную скарочаную для тых, хто скончыў каледж па гэтым жа профілі.
У 2020 годзе ў Палескім дзяржаўным універсітэце створаны пяты факультэт – інжынерны, мэта якога – падрыхтоўка кадраў для развіцця інжынірынгавага напрамка эканомікі краіны. Спецыяльнасці: «Прамысловае рыбаводства (Тэхналогія перапрацоўкі рыбнай прадукцыі)», «Інфармацыйныя тэхналогіі фінансава-крэдытнай сістэмы», «Садова-паркавае будаўніцтва (Ландшафтнае будаўніцтва)».
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычным факультэце адкрывае набор на спецыяльнасць «Мытная справа». На старэйшых курсах можна выбраць спецыялізацыі «Прававое забеспячэнне мытнай дзейнасці», «Эканамічнае забеспячэнне мытнай дзейнасці» і атрымаць кваліфікацыю «Спецыяліст мытнай справы». Форма навучання – поўная дзённая.
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт – вядучая тэхнічная вышэйшая навучальная ўстанова краіны – сёлета святкуе свой стогадовы юбілей. Ва ўніверсітэце на дзённай і завочнай формах навучання займаецца больш за 35 тысяч чалавек. Гэта студэнты, магістранты, аспіранты, дактаранты, ліцэісты, слухачы падрыхтоўчага аддзялення, курсанты ваенна-тэхнічнага факультэта.
У гэтым годзе ў БНТУ адкрываецца набор па шматлікіх новых спецыяльнасцях.
па матэрыялах сайта https://kudapostupat.by
па матэрыялах сайта https://times.bntu.by